ПАЛЯВЫ́Я ШПА́ТЫ,
група пародаўтваральных мінералаў падкласа каркасных сілікатаў, алюмасілікаты калію, натрыю, кальцыю, радзей барыю. Найб. пашыраны ў верхняй ч. літасферы (каля 60% аб’ёму магматычных парод). Падзяляюцца на плагіяклазы, шчолачныя П.ш. (мікраклін, артаклаз, санідзін) і барыевыя (гіялафан, цэльзіян). Крышталізуюцца ў манакліннай і трыкліннай сінганіях. Утвараюць кароткаслупкаватыя прызматычныя і сплошчаныя, ізаметрычныя або падоўжаныя зерні. Характэрна полісінтэтычнае двайнікаванне (альбітавае і перыклінавае) і двайнікі прарастання (карлсбадскі, монебахскі і бавенскі тыпы). Колер белы, жаўтаваты, бледна-ружовы, бясколерны, мясачырвоны, цёмна-шэры, чорны, зялёны і інш. Характэрна ірызацыя (месяцавы камень, лабрадор). Бляск шкляны. Цв. 6—6,5. Шчыльнасць 2,55—2,75 г/см³, да 3,4 г/см³ у барыевых П.ш. (цэльзіян). Крохкія. Трапляюцца ў эфузіўных, інтрузіўных, метамарфічных і асадкавых пародах. Выкарыстоўваюцца для вырабу фарфору, высакавольтных ізалятараў, спец. і аптычнага шкла і інш.; каштоўныя і вырабныя разнавіднасці ў ювелірнай справе.
Н.А.Кажамякіна.
т. 12, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)